Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш БАЛАДА ЯЎГЕНА ГЛЕБАВА

(10.09.1929-13.01.2000)

Мара пра мора музыкай вечнаю стала.
Птушкі, як ноты, светла да сонца ўзляцелі
Па-над курганнем, дзе Беларусь начавала,
Па-над шляхамі, што без пары затравелі.
І ажыло ўсё тое, што людзям належыць,
І зазвінелі звонка званы на званіцах,
І зарыкалі ў ранак зубры ў Белавежы,
І забурлілі нашы стагоддзі ў крыніцах,
І пачалося наша святое вяртанне
Да Беларусі, што беларускаю будзе.
Музыка-гэта наша любоў і каханне,
Музыка-гэта свята святое і будзень,
Дзе не знікае, а ажывае, як мора,
Мара твая і кожнага вечная мара,
Каб было заўтра лепей усім, чым учора,
Каб не прапала сонца чаканае ў хмарах
Па-над курганнем, дзе Беларусь начавала,
Па-над шляхамі, што без пары затравелі,
Па-над хацінай, дзе нарадзіўся Купала,
Па-над той песняй, што мы з табой не
дапелі…

9.10.2008

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш БАЛАДА ЯЎГЕНА ГЛЕБАВА - Віктар Шніп
«