Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш БАЛАДА ВЯРТАННЯ БАГДАНОВІЧА

(9.12.1891-25.05.1917)
1.

Далёка-далёка ля сіняга мора
Душа не знаходзіць спакою зямнога.
І чайкай лятае над сумным прасторам,
І просіць спагады– не вечнасці– ў Бога.

Душа на радзіму даўно б паляцела,
Ды кінуць не можа паэтава цела,
Якое зямлёю ўжо стала сырою,
Даўно адшумеўшы самотнай травою.

Нялёгка знайсці да магілы сцяжыну–
Далёка-далёка, як сонца, Айчына,
Дзе разам змяшалася шчасце і гора
І воран крыляе над пыльным прасторам,
А ў пыле смяротная дрэмле атрута.

У Храмы заходзіць сучасны Іуда
І моліцца Богу, не любячы Бога,
І ведаць не хоча нікога, нікога,
Тым болей паэта, які на чужыне
Быў верным гаротнай, нявольнай Айчыне.

Ды ёсць яшчэ людзі, што мараць пра волю
І помняць паэта, ягоную долю,
І хочуць вярнуць на радзіму Максіма
З чужога, далёкага, тлумнага Крыма…

…Душа на радзіму даўно б паляцела,
Ды кінуць не можа паэтава цела,
Што стала зямлёю
Чужой і маёю…

2.

Максім Багдановіч… Максім,
Самотны, нібы пілігрым,
Які хоць вярнуўся дамоў,
Ды толькі свой дом не знайшоў,
Як нельга магіл адшукаць,
Дзе рыцары нашы ляжаць…
Максім Багдановіч… Максім,
Мы разам з табою ляцім
Да зорак, што светла гараць
У небе, куды не глядзяць
Самотныя людзі з вакон,
Счарнелых, нібыта ікон…
Максім Багдановіч… Максім,
Жыццё сёння наша, як дым,
З якога не бачна жыцця,
Нібыта не бачна лісця
На дрэвах, што ссохлі вясной,
Калі развітацца з табой
Нам дадзена лёсам было…
Але не прапала святло,
Якое ты нам запаліў
На гэтай прыгожай зямлі,
Дзе мы тут спрадвеку былі
І будзем, як гэты прастор,
Як гэта імкненне да зор…
Максім Багдановіч… Максім…

15.08.1991; 25.05.2001

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш БАЛАДА ВЯРТАННЯ БАГДАНОВІЧА - Віктар Шніп