Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш БАЛАДА АДОЛЬФА КЛІМОВІЧА

(20.04.1900– 24.11.1970)
Беларусь, твой народ
дачакаецца
Залацістага яснага
дня…

Максім Багдановіч
У Вільні арган у касцёле іграе,
І музыка, нібы малітва, жывая
У душы людскія плыве, не знікае,
Цябе ж ад журботы штодзённай вяртае
У Прагу, дзе ўсе яшчэ ўсё маладыя,
Дзе мары, і справы, і сны залатыя
Аб той Беларусі, якая святая,
Якая дзяцей сваіх аберагае,
Каб сцежкі былі і гасцінцы старыя,
Бярозы і замкі, капліцы з крыжамі,
Бо воўк у піліпаўку нема там вые,
А ў весну нябёсы бялеюць бусламі…

Арган не сціхае, з табою ўздыхае…
Зноў камера смертніка– нібы магіла,
З якой ты выходзіш ссівелы, чужая.
Але Беларусь яшчэ за небасхілам,
І ў сэрцы тваім не памерла, і будзе
З табою і ў святы святыя, і ў будзень,
Бо з роду крывіцкага ты– назаўсёды,
Бо рунь зноў праб’ецца з-пад снегу і
лёду…

Арган не сціхае, з табою ўзлятае
Над Вільняй, над тлумнай вялікай краінай,
Дзе ёсць Беларусь, што сягоння не знае,
Якога яна мае слаўнага сына,
Які сёння зноўку журботны, як тыя
І нашы героі, і нашы святыя,
Што верылі: нават калі іх не будзе,
Не знікне Айчына– ёсць крыўскія людзі…

Арган не сціхае, ён душы яднае
Па-над Беларуссю, што сонца чакае…

9.03.2008

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш БАЛАДА АДОЛЬФА КЛІМОВІЧА - Віктар Шніп