Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш КРЫНІЧНЫ ЗВОН

Паэту Анатолю Канапельку

Не на зямлі —
у сэрцы трапяткім
Сімфонія жыве гаючай нотай,
Ліецца над зялёнаю лістотай,
Над плынню зачарованай ракі.

І як спарыш
цяпла і дабрыні,
Прамень радком узважаным праб”ецца,
Каб слова,
што у думках адгукнецца,
Даверыла пяшчоту цішыні.

Каб зноў сустрэчы ў песню прывялі,
У некранутасць
гукаў і адценняў.
І самым запаветным летуценнем
Крынічны звон
народзіцца з зямлі.


Верш КРЫНІЧНЫ ЗВОН - Уладзімір Марудаў