Верш Балонка і павага
Сабака – чалавеку друг.
Што так яно, – даведзена вякамі.
Заўжды ён быў у чалавека пад рукамі:
Нязменны следапыт і паляўнічы ўдалы,
I нават касманаўт, як Лайка даказала, –
Таму й павага да сабакі скрозь.
I вось
Малой балонцы крыўдна стала,
I агарнула яе злосць.
“Дзе ж праўда ёсць? –
Падумала яна. –
Каму павага? Шпіцам ды аўчаркам?
Балонкам жа пустая чарка?
А годнасць у сабак усіх адна.
Хіба не так? Ды гэта тэрмінова
Я даказаць гатова
I дакажу,
Сабачы спрыт балонак пакажу
Усім, усім!” I шустрая балонка,
Як вывелі яе на двор гуляць,
Падбегла да варот і ну брахаць
На ўсіх вакол задзірыста і звонка.
“Чаго ты гаўкаеш – дазволь спытаць, –
Азваўся верабей. – Прычын няма ж і знаку”.
“Гаў, гаў! – хачу ўсім даказаць,
Што і мяне лічыць патрэбна за геройскага сабаку
I, як аўчарку, паважаць!”
Павага толькі з тым гатова знацца,
Хто ўмее плённай працай
Дабівацца
Ўзлёту, дасягненняў, росту.
А іншы думае парой,
Што ўсё на свеце дужа проста:
Пагаўкаў – і герой.