Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове






Верш Шаўчына злосць

Буланы Конь за дзень папрацаваў,
Цяпер адпачываў і скуб траву увечары ля саду.
А Шаўка, – не было з ёй зладу, –
Ну так і залівалася, – гаў! гаў! –
Свой нос прасунуўшы праз агароджу.
Як збоку паглядзець, дык проста жах!
Звязацца з гэтай сучкаю – крый божа, –
Адразу ж захрусціш на Шаўчыных зубах,
А Конь на Шаўку ўвагі не звяртае,
Нібыта да яе і спраў яму няма, –
Скубе ды камароў хвастом сцябае.
“Не гаўкай ты дарма,
Дурная! –
Параіў з даху Шэры кот. –
Калі ў цябе такая сіла,
Ты б скокнула адважна цераз плот
Ды за нагу яго ўкусіла”.
“Дарэмна не пляці лухты, –
Азваўся Лыска, – ведай межы:
Адважся, укусі, – ён так у пысу ўрэжа,
Што й зубы не збярэш ніколі ты.
Адно – брахаць,
Другое – за нагу Каня хапаць…
Не трэба забываць і пра падковы”.
Два словы
Мне хочацца агрэсарам сказаць:
Брашыце, калі хочаце брахаць,
Кусацца ж будзеце, – мы даць адпор гатовы.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Шаўчына злосць - Уладзімір Корбан