Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове





Верш Балотам снежным праз сасоннік

Балотам снежным праз сасоннік,
Які смаловым пахам вабіць,
Прастор балот зімою соннай
Люблю санямі разухабіць.

Люблю, як кусцік нізкарослы,
Калі з саней назад паглянеш,
Нібы адкінуўшы ён вёслы,
Плыве па белым акіяне.

Пукаты стог люблю аб’ехаць,
Сляды наўкол зрабіць палоззем
І сена, выскубнуўшы вехаць,
Люблю раскідаць па дарозе.

Люблю, як санкі мчацца з плачам,
Пісклявы гімн зіме заводзяць,
А конь, падкуты чортам, скача,
Нібы па шкле, па гладкім лёдзе.

Люблю закутацца кажухам,
Згайсаць ад меж да меж краіну
І крыкнуць гучна завірухам,
Што ў хвалях белых не загіну.

І зноў ляцець… Дуга хай звоніць,
Пакуль конь лейцы не аслабіць…
Прастор балот зімою соннай
Люблю санямі разухабіць…

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Балотам снежным праз сасоннік - Міхась Чарот