Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш У летні адпачынак

На століку маім ляжаць паперы,
Чарнільніца, як мачыха, стаіць…
А мне так хочацца зірнуць за дзверы,
На двор пайсці ды неба даль праверыць,
Агледзець хмар каралавую ніць.

Люблю я іх, люблю іх узнікненне
I вольны рух па сонечным шляху,
Іх шпаркі рост, купчастае адзенне,
Люблю глядзець, як неба сутарэнне
Узносіць іх кудлатую страху.

Чарнільніца мая глядзіць з дакорам
I думае, напэўна: “Ох, гультай!”
А я тады адказваю з пакорай:
“Я толькі пакурыць, вярнуся скора,
Хвіліначку, галубка, пачакай!”

I я за дзверы шусь! – I я на волі.
Такі табе навокала прастор!
Кучматы лес, утульны луг і поле…
Гляджу, што дзеецца ў блакітным доле,
I бачу – хмара ціснецца на бор.

Іду ў лясок сачыць за хмарай гэтай.
Між сосен дзвюх калышацца гамак.
I чую я – гром глуха грымнуў дзе-та.
Я ў гамаку, – п’ю чары, слодыч лета,
Чарнільніца ж мне кажа там: – Лайдак!

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш У летні адпачынак - Якуб Колас