Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове






Верш Вясковы пенсіянер

Марнее мой сусед –
Скрозь мала цяглай справы.
Збягае пакрысе
Народ да слоў і славы.

На весніцах вісіць
Зрання ў сваім падворку,
Смыліць яму, карціць
Пачаць хоць з кім гаворку.

Змарнелы конь брыдзе.
Вязе кудысь жанчыну.
“Супоня, глянь, спаўзе!
Папраў, – крычыць, – ляйчыну!”

Падыдзе. Звяне злосць.
Пагляне, як з іконы:
“Ну, конь, які ўжо ёсць.
Хамут бы хоць ягоны…”

Каня перапражэ
З дасведчанасцю справы,
I конік той заржэ
I стане больш рухавы.

I доўга будзе ўслед
Глядзець ён той павозцы,
На той апошні след,
Што пакідае ў вёсцы.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Вясковы пенсіянер - Леанiд Галубовiч