Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Кароль і каваль

Кароль у пушчы бавіў дзень,
Лася асочнікі загналі,
Харты раз’юшана брахалі,
Стагнаў знясілены алень.

Тарпанаў тропілі паны –
Так удаліся ў пушчы ловы!
Ды вось бяда – згубіў падкову
У ягомосця вараны.

– Дзе тут каваль, – кароль злуе,
Абозны ўзвіўся: ў пару вёрстах,
Ёсць неблагі каваль у вёсцы,
Мо, варанога падкуе.

Кунтушы, пёры, жупаны –
Па сенажаці, бы па шляху,
Пыхлівым велічным аршакам
Ляцяць да вёсачкі паны.

Палае ў горане агонь,
Каваль рукасты і рахманы
Загад выконвае вацьпана-
Каб не кульгаў любімы конь.

Кавадла, малаток, чакан.
Нішто яму – скаваць падкову,
Ухналь – і той ужо гатовы,
Хай задаволіцца вацьпан.

“Чым да каня, – кароль сказаў,
Перш пакажы сваю работу –
Ці то падкова? Дрэнь, брыдота!
Я аберуч яе зламаў!”

Прыдомак “Моцны” Аўгуст меў,
Бо гнуў падковы для забавы,
А не за тое, што дзяржаву
Ператварыў у брудны хлеў.

І зноў у горане агонь,
Каваль рукасты і рахманы
Загад выконвае вацьпана-
Каб не кульгаў любімы конь.

Ужо чацьвёртая ляціць
У горан гнутая падкова,
Забава лепшая за ловы-
З кавальскае работы кпіць.

” Ды годзе! Вечар на двары.
Якая ёсць – мацуй, кавале!
А за жарт вясёлы срэбрны талер
Ад ласкі панскае бяры!”

Каваль вацьпанскі талер ўзяў,
На дар зірнуўшы з неахвотай,
Сказаў : “Агідная брыдота!”,
І напалову разламаў.

З далоні ў чорных мазалях
Дзьве палавінкі ад манеты
З гербом каронным і партрэтам
Ляцелі ў ногі караля.

Ajsa, 14.08.2011.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш Кароль і каваль - Святлана Куль