Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Дзявочае сэрца

У нязнаную дарогу ў даль паехаў мiлы…
Позна, позна цёмнай ночкай дзеўка варажыла…

Быццам думкай – ўзорам доўгi ручнiчок снавала,
ды кашулю васiлькамi, шоўкам вышывала.

Казаў месяц рана зорам, што ў начы дзяўчына
I пояс вышыты узорам сьлязмi прамачыла…

Ужо прыехаў з падарожжа, ўжо вярнўуся любы,
абяцаў ён жуковiнку дзеўчыне да шлюбу.

– Што рабiла, дзяўчынанька, цi хоць сумавала?
Мо’ ў каморцы зачынiўшысь паясок снавала?

– Ой, не ткала паясочка, не зазнала суму –
праскакала цэлу ночку пад гармонiк шумны!…

Прапяяла у кампаньнi вечар васiльковы,
прастаяла да сьвiтаньня, ой, ды з хлопцам новым!

Мо’ дзяцюк дзяўчыне быў-бы i паверыў,
каб ня пояс ўзорна-сiнi, што на стан прымерыў.

Каб не тыя васiлёчкi, макi на кашулi,
што цьвiлi з-пад рук дзявочых, калi ўсе паснулi…

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш Дзявочае сэрца - Ларыса Геніюш