Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Да Цябе маё сэрца мкнецца

Да Цябе маё сэрца мкнецца,
Ды наўпрост, безь віхляных шляхоў.
Я па сьцежцы, што небам завецца
Завітаю аднойчы дамоў.

Я па шэрані, зь мейсца скокам,
Па сьнягох, над віром мітусьні.
Мая прышласьць–з Тваім любым вокам,
Мая шчырасьць–дыханьне вясны.

Па згародах, у драпінах ногі,–
Тое кроў ад вялікай сумы.
Я ня споўз, Бацька, з праўды-дарогі,
Свае весьніцы мне адчыні.

Калі ласка, даруй нячуласьць,
За халоднасьць мяне ня ўшчувай.
Адвядзі ўсемагутную лютасьць,
Маім хібам, Айцец, спачувай.

Я прыйшоў да радзімае хаты,
Ты ўбачыў мяне йздалёк
І бяжыш на пярэймы спаткаці,
Я стаю, а ў рукох хатулёк.

Ты, залеваю ружы зьбівая,
Стрэнеш сына на ганку вякоў.
Захінеш зорнай коўдрай, сьпявая
Калыханку маленькіх багоў.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш Да Цябе маё сэрца мкнецца - Ветразь