Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Зіма адступае

Зіма адступае, але не здаецца.
Ды як ні лютуе яна,
усё жыццярадасней тахкае сэрца:
“До спаць,
чалавеча!
Вясна!”

Хмялее вятрыска. Ад сонечных промняў
ужо не схавацца нідзе.
Як светла, як цепла, як хораша сёння:
вясна-
прыгажуня
ідзе!

Юнак-сакавік, як дзяжурны па раю,
пільнуе палеткі свае –
у бляск ручаёў талы снег прыбірае,
гудзе.
і журчыць,
і пяе!

А дрэвы абжылі залётныя птушкі
і просяць у неба: “Піць-піць.”
І кожная з іх далягляду на вушка
пяе –
і званочкам
звініць.

І гэтыя гімны – ад краю да краю –
знямоглай зіме не суняць.
Па свеце вясновая радасць гуляе,
звініць
і гукае:
“До спаць!”

6.03.2013

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Зіма адступае - Таццяна Дзям'янава