Верш Ціхія пенсіянеры
He толькі знікалі паэты народу на гора,
Знікалі шэдэўры, знікалі саборы.
Над плошчаю Волі Белую вежу
Лашчылі сонца і ветрычак свежы.
Дзе тая вежа? Дзе той гадзіннік?
Даўнейшы касцёл, нібы той халадзільнік,
Схаваўся ад сораму, што безгаловы,
“Спартак” раскашуецца там адмысловы.
Чыталася, як спракаветная кніга,
У “Слове” апетая наша Няміга.
Час і вайна яе пашкадавалі,
А знішчылі тыя, што мы ўзгадавалі.
Дабраліся ўрэшце, далі-такі рады
Новай фармацыі Герастраты.
Сабе задавалі дурную работу,
Даводзілі потым да сёмага поту,
Каб тое, што людзі стваралі вякамі,
Знішчыць дазвання чужымі рукамі.
Сябе узвышалі, хваліла іх прэса,
А сверб руйнавання лічылі прагрэсам.
Іду праз Нямігу і плошчу дахаты
I думаю часта: “А хто ж вінаваты,
Што вуліцы зніклі, палацы, саборы,
Што столькі было і злачынстваў, і гора,
Што зніклі Гарэцкі, што знік Галавач,
He вернецца Вольны з няволі, хоць плач,
Што згінулі недзе Чарот з Галубком,
Што ленінскай школы камбрыг і нарком
Знікалі начамі, як чорная сажа?
Дык хто за ўсе гэтыя страты адкажа?
Тыя, што нішчылі, білі, судзілі,
Ходзяць яшчэ паміж нас, як хадзілі,
Лісліва ўсміхаюцца, хлусяць без меры
Ціхія-ціхія пенсіянеры.
Сірочы праклён на іх каменем ляжа.
Няўжо за пакуты ніхто не адкажа?