Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Што ж так доўга не пагожа

Што ж так доўга не пагожа,
Зябка ў гэтым садзе, Божа?
І калі ўжо ў гэтым садзе
Стракатушка-птушка сядзе
З навіною аб сустрэчы,
Што раз’ясніць сад старэчы?

Што ж так змрочна ў багадзельні
І ў Вялікі дзень нядзельны?

Ці за ўсё жыццё на долю
Мала выпала ім болю?

Хто ж суцішыць боль,
Суцешыць
Іх зняважаных усцешыць?

Бабка Вера плача:
– Гэтак
Скрыўдзіў Бог – не даў мне дзетак…

Ў бабкі Надзі ные рана:
– А маіх забраў Бог рана…

А табе што, бабка Люба,
Свет не міл, вясна не люба?

– Доўга сын не йдзе праведаць.
Ці здароў ён хоць бы ведаць?..

Як ён можа так, о Божа?!
Ці зманкурціўся ён, можа,
Каб не чуць свайго сумлення,
Каб не чуць твайго малення?!
Каб забыць сябе маленькім
У матулі на каленях?!
Каб забыць як гадавала –
Сродкаў-сіл не шкадавала?!
А хварэў падчас – гадзіла –
Аж на цыпачках хадзіла!
Дзе ж цяпер яго спагада?!
…Нёс калісьці ж бусел гада!..

– Ды сама я вінавата,
Што паслухалася: хату
Прадала – не мела гора –
Пераехала у горад.
Зразу мне ў кватэры новай
Падабалася сынова…
Стала мала ў мяне грошай –
І сыноўка стала горшай,
А здаваць здароўе стала –
Зваць мамусяй перастала,
Пачала мне часам тыкаць,
А затым і часта сыкаць,
А пасля й грымець, і матам,
І нарэшце – ультыматум!..
Ну а сыну што з ёй – біцца?
Ды й разводу ён баіцца.
Бо й куды яно гадзіцца,
Шлюб узяўшы, развадзіцца?
Бедны ён і сам гаруе –
Хай жа Бог яму даруе!..

Ну а ўнукі? Як жа ўнукі?
Як твае іх помняць рукі?
Як твае іх помняць вочы
Ў мроях дня, ў трызненні ночы?

– Вось бы праўнучку убачыць –
Хутка пойдзе ў сад дзіцячы!..

…Што ж так доўга не пагожа
У старэчым садзе, Божа?

Хто з нас выпаліць дзядоўнік,
Мілы Божа, наш садоўнік?!

Ці дашчэнту нашы душы
Пуста і зласлоўе зглушыць?!

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Што ж так доўга не пагожа - Станіслаў Валодзька