Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш А можа, там і ёсць той бераг

А можа, там і ёсць той бераг,
Дзе сонца цмокае рака,
Дзе ў туманах сцюдзёна шэрых
Бляск аксамітны лазняка?

А можа, там, дзе мімаволі
Святлее даль? А можа, там,
Дзе ёсць сапраўднае раздолле
Паводкам быстрым і плытам?

А можа, там, дзе павароты
Спрашчаюць шлях? А можа, там,
Дзе адчыняюцца вароты
I віядукам, і мастам?

А можа, там, дзе і спрасоння
Са мною шэпчуцца лісты?
А можа, там, дзе сонца сёння?
А можа, ты? А можа, ты?

На свеце ёсць такія высі,
Куды не кожнаму ўзысці.
Дык ты з’явіся, і ўсміхніся,
I ўсё душой азалаці!


Верш А можа, там і ёсць той бераг - Сцяпан Гаўрусёў