Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Кавуны

Расказ салдата

Не частуйце мяне кавунамі:
Разлюбіў іх навек на вайне…
Немцы пёрлі на танках за намі,
Лупцавалі па мокрай спіне.

Мы тады абарону трымалі
Пад Херсонам на душнай бахчы.
Да апошніх гранат ваявалі,
Не было нам каму памагчы.

Мы з салдацкай адвагай суровай
Паміралі,
Ачуньвалі зноў.
Прыхіналі свае галовы
Да халодных тугіх кавуноў.

I бясконцае пекла…
А потым
Тупацелі нямецкія боты.
Гарлапанілі гады над намі.
Абжыраліся кавунамі.

Гучна чмякалі, аж пацелі.
А пасля,
Пасля для пацехі
Кавуны ўзнімалі пудовыя
Разбівалі аб нашы галовы.

Разляталася ў пырскі мякаць.
Катастрофа. Гібель планет.
Пачыналі мы кроўю плакаць,
Адыходзячы на той свет…

Двух нас выжыла з гэтай бойні.
З той пары сню нядобрыя сны.
Ненавіджу фашыстаў
I войны
I, прабачце мяне,
Кавуны.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Кавуны - Пiмен Панчанка