Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Горкая гордасць

Каралеўскімі замкамі
Ганарацца,
Саборамі.
Мы – зямлёй партызанскаю,
Перамогай над ворагам.

Нехта хваліцца рознымі
Трыумфальнымі аркамі.
Мы – аршанскімі соснамі,
Магілёўскімі хмаркамі.

Хай наўкол электроніка
I машын табуны, –
Плача тоненькі, тоненькі
У сэрцы голас вайны.

Жыта шчодрае косім,
Славім шчасця гады,
А гасцей усё возім
У Хатынь, у Хатынь.

На зямлі нашай светлай
Добра жыць і любіць.
Аб чацвёртым, чацвёртым
Мы не можам забыць.

Наша горкая гордасць
Прасвятлее ў вяках.
Не скрышылі нас орды,
Не адолеў нас страх,

Ні трапічная парнасць,
Ні мароз невыносны…
Каралеўскія пальмы,
Партызанскія сосны.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (2 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Горкая гордасць - Пiмен Панчанка
«