Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Бульба

Так ісці на захад, гэтак перці
За эпоху можна толькі раз.
Есці захацелася да смерці,
Ну, а повар з кухняю заграз.

Падцягнулі рамяні з тугою,
Леглі адпачыць пад сіняй хвояй,
На сухой абочыне шашы.
Рай – для ног, цыгарка – для душы…

Спрэчка пачалася нечакана:
Што смачней з усіх вядомых страў?
“Хаш і лобі! – першым крыкнуў Вано,-
Я б сем місак зараз увабраў”.

“Плоў,- сказаў Ахмет.- Калісьці дома..
I пацмокаў смачна языком.
А Гурген ускочыў: “Вы знаёмы
3 ерэванскім сочным шашлыком?”

Я тут узгарэўся не па жарты:
“Вашых страў я ганіць не хачу:
I яны што-кольвек, пэўна, варты,
Як хвалілі знаўцы іх – я чуў.

Сорам пра найлепшае не ведаць,-
Рынуўся я ў наступ на байцоў,-
Калі смачна хочаце паснедаць,
Закажыце бульбы з селядцом.

Печаная бульба – гэта казка,
Паскрабеш нажом – і калі ласка.
Жоўтая скарынка, як пірог,
Будзеш уплятаць яе за трох.

Трапіш да кабеціны рахманай –
Паспытаеш, друг мой дарагі,
Дранікі са свежаю смятанай,
Бабку, клёцкі, нават пірагі.

3 нашай бульбы тысячу, не меней,
Смажаць і гатуюць розных страў…”
Я ўсхапіўся з месца і з натхненнем
Песню ім пра бульбу праспяваў.

Бачу: праняла мая прамова,
Зараз крыкнуць: “Дзе яна? Гарні!”
…Добра, што пад’ехаў ротны повар
На рудым запараным кані.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Бульба - Пiмен Панчанка