Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Прыцягненне агнёў

Ha куццю
у набожным куце,
покуль смачна не бразнулі вечкі,
запалілі дзяды ў немаце
тры агні, тры відушчыя свечкі.

Нібы лёгкі трохкрылы матыль,
што наважыўся злётаць у вырай,
лашчыў
лавы някшчоны гарбыль,
аж трымцеў у трывозе трыкірый.

Стол да свечак працягваў далонь,
бы на старасць выпрошваў пламеня
да агню прытуляўся агонь,
і запал іх жарлівы не менеў.

Як гарэлі, вышэлі яны
над законамі ўсіх гравітацый!
Ім былі далячыні відны,
да іх зоркі ляцелі вітацца.

Млечны шлях не рыпеў на вазах,
прыціскалася пуга да тронца.
На суровых святых абразах
сарамліва ўсміхалася тройца.

I сачыў, шанаваны шматкроць,
уздыхнуўшы
па-людску прапашча,
трыццацітрохгадовы Гасподзь,
сам сабе памаліўшыся нашча,
праз
у дым ператвораны кнот,
паўзверх воску,
што як цела, вяне,
свечак трох палымяны палёт,
апантаных агнёў цалаванне.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Прыцягненне агнёў - Міхась Скобла