Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Балконы

У шматгалосым гуле
Заблудзішся парой…
Балконы – шыльды вуліц
I выстаўкі двароў.

Наш горад на уздыме,
Дарос да хмараў ён,
I дбаюць гаспадыні
Пра кожны свой балкон.

У добрых, рупных жонак
Заўжды святочны лад –
I кветкі, і вазоны,
I дзікі вінаград.

Ніхто тут не пярэчыць –
Спявай, іграй, любі.
На вузкія парэнчы
Садзяцца галубы.

Тут ранак вельмі звонкі
Гадзін з шасці-сямі.
Як вымпелы, пялёнкі:
Прыбаўка у сям’і.

Заспаную падушку
Абвеяў вецярок.
Дубовая кадушка
На сонцы грэе бок.

Высока у надхмар’і
Спакусай дражняць нас
I кумпякі у марлі,
I тузіны каўбас…

Прыедзе з вёскі маці,
Нясмела зойдзе ў двор,
А дзе дачку шукаці –
Муры тут вышай гор.

А гляне на балконы –
I сэрца запяе:
Па посцілцы чырвонай
Кватэру пазнае…

Стаю ў двары зялёным,
Сумую нездарма:
Няма ў мяне балкона
I маці ўжо няма.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш Балконы - Пiмен Панчанка