Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Белая святая Русь

Белая – значыць святая
Мая старажытная Русь.
І купальскім агнём расцвітае
Тваёй долі нябесны абрус.

Паміж Польшчаю і Расеяй –
Між туманаў, лясоў і балот –
Зорнаю светлай лілеяй,
Цеплынёю вясновых цнот

Узышла ты ў красе і славе,
Песня гордая ўсіх славян.
У любові, каханні і праві
Твой бярозавы белы стан.

І ламалі цябе, і секлі
Браты й ворагі сотні год.
Ты ж разбіла цямнотаў пекла-
Зберагла наш вялікі род.

Хто ступаў на зямлю святую
Крываваю чорнай нагой –
Скошанай дзікай травою
Ўсе ляглі у зямлю на гной.

Бо над намі ў нябёсах зорных –
Род наш – светлы наш бацька Бог –
Беражэ нас ад погані чорнай.
Як заўсёды ад смерці бярог.

Бо у сэрцах сваіх мы носім
Не цямноты – вясновы квет.
І пакуль у святле мы ходзім –
Не спазнаюць унукі бед.

Белая – значыць святая
Мая сонцакрылая Русь.
Хай жа вечна
Купальскім агнём расцвітае
Тваёй долі нябесны абрус.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Белая святая Русь - Ніна Аксёнчык