Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш На маёй Зямлі

На маёй Зямлі л’ецца Свет з Нябёс
Тут чакае нас толькі добры лёс
Узнімуся ў высь Мары крыламі
Над мясцінамі сэрцу мілымі

Ясным сокалам узнімуся ў вышыню
І праменчыкам вярнуся на сваю Зямлю

Яснай раніцай Сонейка ўстае
І праменчыкам свет у сэрца л’е
З Неба светлага апускаецца
У росных кропельках адраджаецца

Я з крыніц вады нап’юся ў цішыні
Сэрцам шчыра прытулюся да сваёй Зямлі

Песні жаўранка ранняю Вясной
І Вясёлкі мост у Небе над страхой
Ззяе сонейка між аблокамі
Песціць мілую сінявокую

Спелым коласам устану на раллі
Назаўсёды закаханы да сваёй Зямлі

Ночкай цёмнаю неба ў зорачках
Ясны месячык над узгорачкам
І пяшчотнае сэрца матухны
І нясмелыя подыхі Вясны

Сціплай кветкай апынуся ў палі
Назаўсёды я вярнуўся да сваёй Зямлі

У вачох дзяцей старыны завет
Добрым простым будзь і кахай увесь свет
На Зямлі дзядоў мая спадчына
Адраджаць яе мне прызначана

Добрай песняй адгукнуся ў цішыні
Зноў і зноў я нараджуся на сваёй Зямлі

Баіць лес стары шолахам лістоў
Шэпчуць кветачкі паміж росных траў:
-Тут паміж лясоў і палей шырот
Векі вечныя будзе жыць твой Род…

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш На маёй Зямлі - Нікіта Цехановіч