Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Імкненне

Мелодыку вачэй
На працягу стагоддзяў
Алоўкам дзён-начэй
Мастак сабою поўніў.

Ён маляваў партрэт
Без рысаў і аблічча,
Бязмоўнасцю мальберт
Дапісваў зоркі-знічы.

Гучала хараство
Няўлоўных красак свету
Пад нотнае сяйво
Жалеек дзіўных лета.

На ўзлогах й паплавах,
На росных травах золку,
Мелодыка плыла
Ягнём і хіжым воўкам.

Паміж сасновых сноў
Паміж рабіны гронкаў,
Як памяць і любоў,
Ўсярэдзіне і звонку.

На палатне жыцця
Намаляваным гукам
Свабода Мастака
Застыла вечным смуткам…

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Імкненне - Павел Гаспадыніч