Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Рамантыкі стаміліся здзіўляцца

Рамантыкі стаміліся здзіўляцца,
Яны не бачаць каляровых сноў,
Са смерцю ў бой не ходзяць сустракацца
І сэрцам кормяць чорных груганоў…

Паклалі зброю на палях з бур’янам,
Бяззорнай ноччу ў небыццё сышлі,
Праліліся слязою акіяна
З журбою па пакінутай раллі…

Ім хмары сталі родным карабелем,
А звера скура – добрым сурдуком;
Зрабіўся раптам красавік апрелем
І ўсмешкі ператворыліся ў стогн

Самота стала ворагам і сябрам,
Калі натхненне не прынесла плён…
Хто перакрыў паветра цудным марам?
Ці гэта новы рок, ці мо праклён?

Яны былі праменнем ад вясёлкі,
Любоўю, што бруіцца і цячэ,
Былі святлом загадкавых вачэй
І матылём з крылом бясконца тонкім,

Ім не было і ўзросту, і цаны,
Быў кожны – непаўторны прыклад духа,
Ніхто не ведаў пра тугу і скруху…
А дзе цяпер сапраўдныя Яны?

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Рамантыкі стаміліся здзіўляцца - Мікола Разумоўскі