Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове






Верш Мой конь вараны

Ад новых спатканняў і ростаняў новых
У сэрцы жыццё трапяткое бруіцца,
А мой вараны паабчэсваў падковы,
І рупіць каню на паўшляху спыніцца.

Ой коню, мой коню, ты верны мой дружа,
Мы ўсякія далі спазналі з табой,
Дзе вечная радасць, дзе вечная сцюжа,
Дзе сумна жывуць, дзе гуляюць з душой.

Пастой, не трасі ты калматаю грывай,
Я песню табе праспяваю адну
Пра казачны рай, што завецца радзімай,
Пра Богам надзеленую старану.

Пачуеш ты шчырую споведзь, мой коню,
І сілы надасць мой узрушаны сказ,
Памчы мяне ўслед за крывіцкай Пагоняй,
Што з тайны вякоў павыносіла нас.

Бо мы красамоўных начуліся цудаў,
Пагарды да мовы, праклён і прымус.
Я буду дударыць, шаптаць я не буду,
Што я з Белай Русі, што я – БЕЛАРУС!

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Мой конь вараны - Мікола Ляшчун