Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Венікі

На базарнай плошчы,
ў старане ад крыку,
самакрутку смаліць,
жару наддае
ў кажушку вясковым,
ростам невялікі,
венікі няспешна
дзядзька прадае.

Падыходжу моўчкі…
Пахне так бярозай,
гай нібыта побач
дыхае з табой.
І хоць быў не п’яны,
хоць і быў цвярозы,
а стаю ўжо з лёгкай
хмельнай галавой.

Пах палеткаў родных
і лясных палянак –
як усё у сэрцы
ясна ажыло:
венікам бярозавым
выганяе ранак,
коціць залацістае
сонца над сялом.

Басанож імчу я
лугам без дарогі
па бурштынна-срэбнай
ранішняй расе,
што агнём нябачным
апякае ногі,
тысячамі сонейкаў
грэе пакрысе.

Прыгадаў дзяцінства,
светлае былое…
Успамін, а колькі
ён жыцця дае.
І стаю я лёгкай
хмельнай галавою:
Венікі няспешна
дзядзька прадае.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш Венікі - Мікола Аляхновіч