Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Калі б вы былі жывыя

Калі б вы былі жывыя,
Гарэлку мы з вамі пілі б,
Дзядзькі мае залатыя,
Мікіта, Пятрок, Піліп.

Сядзелі б мы, гаваркія
Пад веццем змітраўскіх ліп,
Дзядзькі мае залатыя,
Мікіта, Пятрок, Піліп.

Быў і чацвёрты, Павел,
Зусім невядомы мне.
Зямлю – мерзлавуху парыць
На Калыме.

Верыў Савецкай уладзе.
Насіў старшынёўскі хамут.
– Ты вораг народа, дзядзя, –
Сказала ўлада яму.

Смерць падкасіла зарана.
Жыць бы яшчэ ды жыць!
Ля мёрзлага Магадана
З мамантам побач ляжыць.

Шуміць ледзяная завея
Палярнай ноччу сляпой.
– Чаму я не дома? Дзе я? –
Пытаецца дзядзька мой.

Крышыцца лёд з громам.
Грукат плыве над тайгой.
– Скажыце, чаму я не дома? –
Пытаецца дзядзька мой.

– Я ж быў кожнай кропляй савецкі,
Камуне вярнейшы друг.
Завошта ж мяне знявечылі,
Забралі і серп, і плуг?

Ні слова ў адказ. Нерухома
Шнуруюцца дрэў камялі.
– Скажыце, чаму я не дома? –
Ляціць і ляціць з-пад зямлі..

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш Калі б вы былі жывыя - Леанід Дайнека