Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш ТРЫПЦІ ХДУШЫ

ТРЫПЦІХ ДУШЫ

1
Як вынесці душы сваёй святло
з умоўных нашых ісцін поля бою?
Я знаю: слова моўленае – зло,
але дабра ў нямоўленым не болей.
Я знаю: слова моўленае – лёс,
са словам тым народжана сама я.
Душа мая, ты ўся наскрозь зямная,
але Зямля – нябёсы для нябёс.
2
Калі зара пажухне за курганам
і згасне дзень – звычайны Божы цуд,
нібыта зыб праходзіць па жыццю
і ноч туманіць голаў дурнап’янам,
здаецца мне, што вось, у гэты міг,
душа ірве бязладнасці аковы,
каб зліцца з першароднаю асновай
і прычасціцца таінстваў сваіх.
3
Зямное плоці варта і астрожнік –
выгнанніцай — у край свой праз мяжу,
як праз мяжу нябыту, асцярожна
ўзіраюся ва ўласную душу –
край, дзе жыццё яднаецца са смерцю,
дзе ўсё яны – Хрыстос, Іуда, Хам,
дзе па сабе сабе будуем Храм,
хто са святла, хто з цемры, хто са смецця.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш ТРЫПЦІ ХДУШЫ - Людміла Паўлікава