Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Дыхае ноч

Дыхае ноч
Верасамі і рутаю.
Ціша наўсцяж ля ракі.
Коні у мораку
Бразгаюць путамі.
Гаснуць сяла аганькі.

Поўня спаважна
Бясхмарнай прагалінай
Моўчкі з-за лесу плыве.
Выскачыў з хваляў
Шчупак зацікаўлены
Глянуць на белы свет.

Коні, бы здані,
Пасталі пад клёнамі.
Спіць ля чаўна рыбак.
Вусамі
Бераг шавеліць зялёнымі,
Нібы вялізны рак.

Белай смугою
Пад ранне пакрыліся
Лес, і лугі, і палі,
Быццам аблокі
З нябёсаў спусціліся,
Каб адпачыць на зямлі.

Ветрык прачнуўся –
Галлё ціха торгае.
Ранак здаля відзён.
Млява цяпельца прытухлае
Моргае –
Конюха морыць сон…

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Дыхае ноч - Леанід Яўменаў