Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Дзедава субота

Ціха пад вокнамі дыхае вечар.
Ноч атуляе стамлёныя плечы.
Зорных нябёсаў таемнае веча
Душы Дзядоў выпраўляе на стрэчу…
На далані маёй дыхае свечка.
А над Айчынаю дыхае вечнасць.

Жаліцца небу старэнькая груша –
веццю счарнеламу завязь не гушкаць…
Памяць астылае лісце варушыць.
Гуслі Дзядам спавядаюцца скрушна.
З выраю жальна вяртаюцца птушкі –
чуйныя родныя дыхаюць душы.

…Стогне Радзіма, з няволяй павенчана,
хіжаю шабляй варожай пасечана.
Здраднай касой курапацкай скалечана.
Попелам чорнае былі апечана…
…I паўстае – неадольная, вечная,
гордаю княжай крывёю асвечана.

Перад балеснай зямелькай укленчу –
чую: магілы паўстанцкія енчаць,
чую: адчайным заходзяцца крэчам
хаты пустыя, астылыя печы.
Чую самоту дарогі адвечнай –
боль невылечны і жаль чалавечы.

Белая поўня над чорнаю пожняй.
Дыхае свечка, на вечнасць варожыць.
Мовай чужынскай і воляй варожай
не пакарай мяне, праведны Божа!
Белай Краіне не згінуць парожняй –
абарані ад бяспамяцтва, Божа!

З веку мінулага дыхае вецер.
Дыхае памяць у зорным Сусвеце.
Свеціць паходня, у цемрадзі свеціць.
…Белае мроіва неба парушыць.
Белай малітвы начное не рушу.
Пад абразамі на покуці – душы…

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш Дзедава субота - Антаніна Хатэнка