Верш Я пакінула сэрца на гэтай зямлі
Я пакінула сэрца на гэтай зямлі,
Што з дзяцінства Радзімай мне стала.
Там, дзе ціха мне маці спявала”люлі”,
Дзе пяшчотна мяне калысала.
Дзе ступіла я першыя крокі свае,
Дзе, мой боль зліўся першай слязою,
Там, дзе холад адчула я ў першай зіме.
І адлігу з першай вясною.
Я пакінула сэрца Радзіме сваёй,
Дзе шумяць гаманлівыя пушчы.
Там дзе рэкі сваёй жыватворнай вадой
Ажыўляюць лясістыя гушчы.
Дзе раскінуты коўдры гоняў буйных,
Дываны з залатога калосся,
Дзе яшчэ ганарліва блукаюць зубры,
Дзе буслы ўсё ляскочуць нам штосьці.
Там, дзе зернем жыцця, корміць шчыра зямля.
Бохан хлеба на рукі паклаўшы,
Мазалі на руках, спрацаваных руках
Здзервянелі цяжара дазнаўшы.
Той Айчыне святой, што цярпела не раз
Божы гнеў і салдацкія боты.
Дзе да гэтай пары агмень у сэрцы не згас
Ад вайны і ад жудай журботы.
Той Айчыне святой, дзе я слухала звон
Апусцелых, разбураных храмаў.
Дзе я слухала стогн, той нястрыманы стогн
Заблукаўшых нявінных ахвяраў.
Я пакінула сэрца любай зямлі,
Той, што дыхала попелам чорным
Той, што мне падарыла мірныя сны.
І мой шлях падарыла мне вольным…