Верш Матулечцы прысвячаецца
Немагчыма. Зусім немагчыма
Без пяшчоты кранацца вачыма.
Немагчыма зацята маўчаць
Пра тваю памяркоўную стаць.
Немагчыма далоні кранаці
І без ласкі шаптаць слова “маці”.
Немагчыма ўвесь боль пратрываць,
Калі ты слёз ня можаш стрымаць,
Калі ляжа маршчынка між броваў,
Калі вусны сціскаеш сурова,
Калі нібы жахліва смяешся,
Калі ад хвалявання здаешся
Раззлаванай ды вартай крычаць,
Адштурхоўваць, а не раз’ясняць…
Немагчыма з табой размаўляць
Каб як-небудзь ды не ўсхваляваць.
І самой перажыць немагчыма
Гэтае хваляванне цярпліва.
Немагчыма цябе не любіць,
Як з нябёсаў ды сонейка кпіць,
Як у цемры расліне квісці,
Як з крыламі ў брудзе паўзці.
Немагчыма тваю прыгажосць,
Глыбіню і святла маладосць
Не заўважыць і не палюбіць,
Не жадаць ад усіх бараніць…
А яшчэ немагчыма цябе, маці,
Родная, блытаць з Радзімай.
Бо яна – гэта ты.
Назаўжды.
У Радзімы фарфоравы твар.
Вочы: нібы рамонкаў адвар.
Бровы з лёгкім надломам гуллівым,
Вусны з формаю надта чуллівай
І усмешка з прыемнаю стомай.
Медзяны, ажно руда-чырвоны
Волас. Шчырае матчына сэрца.
У кожным рухе – пяшчотай сагрэцца.
Смех дзівосны, твой, чалавечы.
І сяброўская вернасць, дарэчы.
Вы – адное, матуля, таму
Не аддам вас нікому… Узніму
Сваё сэрца, як сонца, у нябёсы,
І шыпшыну прыткну да валосся;
Буду рукі твае цалаваць –
Немагчыма мне вас пакідаць!..