Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Проста заўжды шукай – нават у чыстым полі

Проста заўжды шукай – нават у чыстым полі,
Мрой аб усім на сьвеце ўвечары перад сном.
Проста глядзі ў вакно, покуль з вачэй ад солі
Не пасыплюцца зоркі велічынёю з дом.
Проста забудзь сябе прыхапкам у Гандване,
Перавядзі гадзіньнік уперад на пачуцьцё.
Проста згарні абшар да глыбіні дыханьня
Ды пацалуй таго, хто знае ў табе быцьцё.
Проста зьбі з палюсоў компасы – дай ім неба,
Потым ідзі навылёт, узброены да зубоў
Проста ад сьмеху і заплясьнелага хлеба,
Ды ўтрымай на руках немаўля сваіх слоў.
Проста ня будзь халатным да тугі далячыняў,
Выхадзі пустату, чуючы пад сабою ног.
Высьветлі для сябе кчэмную палавіну
І ня дай ёй згаснуць.
Аўтар ідэі – нехта Бог.


Верш Проста заўжды шукай – нават у чыстым полі - Gwlan