Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Ноч, вуліца, ліхтар, аптэка

Ноч, вуліца, ліхтар, аптэка…
Няма чаго перакладаць.
Я супраць Блока – недарэка,
Дакладней мне не напісаць.

На Мяснікова – во дзе здрада –
Жыву я, быццам у гасцях.
Лангбардны побач Дом урада
Бяздарны ў небе песціць сцяг.
Далей, на плошчы ў тры гектары,
Дзе Незалежнасць браў народ, –
Манізераўская пачвара
Грувасціцца каторы год.

Як пераможца паглядае
На наш сталічны гарадок.
Зноў воля нам не выпадае,
Лёс – памяркоўнасці аброк.

Куды падацца чалавеку,
Як выйсце з цемры адшукаць?
Мы дажылі да скону веку –
Амаль няма чаго дадаць!..

Вось супрацьлеглае аконца,
Мо знойдзе тут патолю зрок?
На жаль, здзяйсняецца бясконца
Паэта-вешчуна вырок.

На вуліцы калдобін слалам.
Ярчэюць цьмяна ліхтары.
Дзе нешта фірма будавала –
Стаіць…аптэка, хоць памры!

Вачамі скіфа ці ацтэка
Хітрушча паглядае Блок.
Ноч, вуліца, ліхтар, аптэка –
Дакладны, як прысуд, радок.

Усё нанова… Як спачатку,
Павінны мы трымаць удар.
Ноч кідае сваю пальчатку –
Аптэка, вуліца, ліхтар…

Куды ні глянь – адзіны мізер
Наканаваў расейскі бард.
Перакладаю зноў. Манізер.
Ноч. Акупацыя. Лангбард!..

2000

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Ноч, вуліца, ліхтар, аптэка - Георгій Ліхтаровіч