Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Яшчэ не вечар, мілая

Яшчэ не вечар, мілая.
Яшчэ не вечар.
Наперадзе ў нас тысяча сустрэч.
І будзе бэзам новы май расквечаны.
І салаўі аглушаць насамрэч.

І ўзыйдуць зоркі раннія над вязамі.
І ты даверыш
Сон майму плячу,
І тыя словы,
Што яшчэ не сказаны,
Табе я нечакана прашапчу.

І засмяецца маладзік у фортцы.
І вернецца блакітны вецер наш…
А калі раптам нешта не паўторыцца,
Ты літасціва тое не заўваж.

І не бяда,
Што бэз цвіце не вечна
І лісце асыпае вяз не раз…
Яшчэ не вечар, мілая.
Яшчэ не вечар.
Вясна яшчэ не разлучыла нас…

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Яшчэ не вечар, мілая - Генадзь Бураўкін