Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Купальскі лівень

Дождж у Вязынцы, лівень,
а светлы жа, светлы!
Каснікі намачылі
У сажалцы ветлы.

Ветлы-вербы, язміны,
вяргіні, анюткі
як чакалі такое
празрыстай мінуткі!

Як чакалі рабіны
у гронках няспелых
і дзяўчаты ў сукеначках
белых, ой, белых!..

Прычасаліся вербы,
стаўкі паглыбелі,
і дзяўчаты пад ліўнем,
дальбог, пастрайнелі.

А жанкі ў сарафанах
ад ліўня ўцякалі
і ў траве свае пацеркі
парассыпалі…

Хто там знойдзе ў купалках
жамчужную пацерку!
Пачакае малое
дамоў сваю мацерку…

Ёй сушыць сарафан,
ёй расчэсваць касу
ды Купалу дарыць
маладую красу!


Верш Купальскі лівень - Еўдакія Лось