Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Ax, Беларусь, мая ты доля

Ax, Беларусь, мая ты доля,
Мая сляза і пацалунак,
Маё ў бярозках белых поле,
Мой песнямі набіты клунак!

Нясу цябе праз далі ў далі,
Спыняюся на землях розных,
Каб скрозь пачулі і пазналі
Гамонку вёсен вербалозных.

Нясу цябе насустрач люду
У тых вачах, што мне дала ты,
У словах тых, якімі буду
Да скону марнага багатай.

Цябе гукаю, дзе ні стану,
З табой сябруючы, сябрую,
Гаю, калі наносяць раны,
Дзеля цябе грахі дарую.

Імя тваё дае мне сілы,
Хоць не хвалюся я табою –
Як пацалункам самым мілым,
Як самай горкаю слязою.


Верш Ax, Беларусь, мая ты доля - Еўдакія Лось