Верш Выпісаў
У кабінет, перад нарадай,
К дырэктару пастукаў дзед:
-Прыйшоў да вас я за парадай –
Машыну ўзяць каб у абед.
Травы прывезці трэба з луга,
А воз няспраўны – хоць крычы…
Дырэктар: “З гэтым зараз туга,
Але ў абед, як ўначы –
Машыны будуць усё роўна
Стаяць без справы. Можна даць!
У бугалтэрыі, галоўна,
Вам трэба выпіску ўзяць”.
Дзед выпісаў машыну, потым
З канторы выйшаў пакурыць…
Стаяць шафёры каля плоту –
Пачалі галаву дурыць.
Ды так старанна – твары ззялі:
-Машыну выпісаў? Дарма…
Квітанцыю ў дзеда ўзялі:
-А пра шафёра тут няма!
Нагналі страху на старога:
-Ды як ты будзеш кіраваць?
Не маеш праў! А з гэтым строга!
Чуць што – а як рамантаваць?!
Ідзі к дырэктару, прасіся!
Мо і паслухае цябе.
З машынай гора наясіся
І жонка дома задзяўбе.
На чым ты ездзіў – ровар з гумай
І то, мо, на адной назе?!
Машына, то ж не конь – падумай,
Яна сама не павязе.
Канца нарады дачакаўся,
Дзед ўсунуў ў дзверы галаву:
-Прабач, дырэктарка – прызнаўся –
На ёй мне цяжка па траву…
І рулявое моцна грае,
І нешта задні мост пяе…
Хоць шчэ машына не старая,
Сказалі хлопцы пра яе:
Траіць матор, скрыпяць калёсы,
Не свецяць нейкія агні…
У возе каб былі атосы –
Дальбог, павёз бы на кані!
Мяне, дырэктарка, паслухай!
Няма правоў… Ды ўжо стары…
Каб маладзейшы, ды “пад мухай”
Мо й ссунуўся б з якой гары.
Нарэшце ставіць ён адзнаку:
-З матора нешта там цячэ…
Машыну выпісалі – дзякуй!
Шафёра б выпісаць яшчэ…
Дзмітрый Краскоўскі (п. Івянец, Валожынскі раён)