Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Абняўшыся, мы маглі ляжаць так да ранку

Абняўшыся, мы маглі ляжаць так да ранку
доўгі час мы нават не займаліся сэксам
аднойчы я працытаваў ёй
аднаго пісьменніка: раней мужчына
размаўляў з жанчынай
хоць яму і хацелася апынуцца
ў яе пад спадніцай
цяпер жа
мужчына лічыць сябе абавязаным
лезьці пад спадніцу
хоць і хочацца
пагаварыць

Ты разумееш
што я хачу сказаць, сказаў я

З табою так лёгка, так проста, сказала яна

У першы дзень аднекуль з’явіўся сабака
кудлаты, падобны да сэнбернара
ён суправаджаў нас да маёй кватэры
я не жартую: ён падняўся
на пяты паверх (я тады жыў на пятым)
і зьбег толькі калі я
адчыніў уваходныя дзьверы

На наступны дзень мы зноў вярталіся са шпацыру
а палове на трэцюю ночы
мы вельмі зьдзівіліся
уявіце сабе, як мы зьдзівіліся
калі нас зноўку
нагнаў сабака
і суправодзіў да дома
ён ціха, нібыта прывід, ішоў побач
мы прачытвалі ў гэтым таемныя знакі
мы адчувалі прысутнасьць Бога
і чагосьці яшчэ
бо ў гэта
цяжка паверыць:
гэта быў другі сабака

Такі дзіўны дзіўны пачатак
такі дзіўны дзіўны
мог бы быць
верш

Але скончылася
ўсё банальна
як заўсёды
скончылася
банальна


Верш Абняўшыся, мы маглі ляжаць так да ранку - Цімур Хоміч