Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Абеліск над Віслай

(памяці прадзеда Мікалая Курыловіча з Бярозаўшчыны і ўсіх заходнебеларускіх мужчын, загінулых у сваіх першых баях у 1944)

Загад ёсць загад. Прыслалі павестку –
і мусіш, Мікола, ісці на вайну,
пакінуўшы жонку і роднае месца,
Астатні раз подых Радзімы глытнуў,
пагушкаў дзяцей, пакарміў у хлеве Косю,
кароўцы падкінуў свежага сенца,
зрабіў усё да толку, як павялося…
Ну, што мне, “товарищи”, да вашых немцаў?!
Яны тры гады мяне не чапалі,
і я, вось вам хрост, не чапаў іх у адказ.
Але зноў прыйшлі камісары і Сталін
ды кажуць: жаўнерык з мяне ў самы раз.
А хто маіх дзетак маленькіх узгадуе?
Хто жыта змалоціць, хто гной растрасе?
Хто бульбу скапае ці корм нарыхтуе?
Няўжо гэны ваш эсесесер?
Саха у руках мне мілей, чым вінтоўка.
Мне і гімнасцёрка зусім не да твару.
Ды двое вар’ятаў рашылі ўсё лоўка:
Я стану чарговай з мільёнаў ахвяраў.
______

Ад часу прызыву тры месяцы міне
(тэрмін вялікі для войнаў сусветных)
Мікола, быць можа, узарвецца на міне,
ці шмайсер Міколу скосіць са свету.
Ці ў водах халодных варшаўскае Віслы
яго напаткае лёс незайздросны…
Над самай магілаю неба навісла,
і з шэрых аблокаў ліе нашы слёзы.
Чырвоная зорка над ім замест крыжа
драпежна прасцёрла свае прамяні,
і вечны агонь у прывісленскай цішы,
нібы заўпакойных свечак агні.
На плечах такіх вось звычайных герояў,
на іхніх касцях – манумент Перамогі.
У свята – парады ды бразканне зброяй…
А лепш бы – жалоба па згінулых многіх.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Абеліск над Віслай - Андрэй Пятрусёу