Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове






Верш Балада пра піва

Зміцеру Яцкевічу

Бурмістр задумліва маўчаў,
Войт толькі соп і хмурыў бровы,
На тварах райцаў быў адчай,
А пісару адняла мову.

“Ну, што рабіць? Яны ідуць.
Іх, мабыць, тысяч з гакам трыццаць,
І нам, як ты не каламуць,
Ад гэтай зграі не адбіцца”-

Бурмістр скубаў у барадзе.
Вайна па свету карагодзіць.
То шведы, то маскаль ідзе –
Сваволяць, як свіння ў гародзе,

А Магілёў – то за Пятра,
То Карлу браму адчыняе,
Ці то маскаль крычыць “Ура!”,
То швед курганы насыпае.

І вось па карлавых слядах
Маскоўскі цар ідзе ў горад:
Віталі шведаў? Дык па дах
Каўтнёце бізуноў і гора.

“А можа неяк падкупіць?
Маскаль ахвоч да падарункаў.”
“На трыццаць тысяч – дзе ж здабыць
Такую процьму пачастунку?”

“У гэтым годзе недарод,
Дзе ўзяць на столькі горлаў мяса?”-
Пытанні, нібы азярод,
Гародзіў магістрат няшчасны.

Але знянацку праз вусы
Стары прамовіў Федаровіч:
“Слабое жыта, дрэнь аўсы,
Затое, во! – ячмень народзіў!

Не маем грошай падкупіць –
Маскаль хаця і надта хцівы,
А звыклы на халяву піць.
Дык мы яго сустрэнем півам!”

Гудзе, бы вулей, Магілёў:
Нябачанае ў свеце дзіва,
Каб да прыходу маскалёў
Зварыць такую процьму піва.

Але ад ратушы загад!
Ды што загад! Шкада галоваў!
Разводзяць солад брат і сват,
А горад – як вялізны бровар.

Зварылі. Сталі ў пагатоў
Бурмістр і войт, і рада з лавай…
Цар не пайшоў на Магілёў,
А рушыў проста на Палтаву.

Няма цароў і каралёў,
А не забыўся час шчаслівы –
Як за здароўе маскалёў
Тры тыдні дапівалі піва.

Ajsa, 17-18.08.2011

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Балада пра піва - Святлана Куль