Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Асіна ля шашы

Такую дзёрзкую, у чырвані рысую
Не на паперы, а ў сваёй душы.
Хачу запомніць я цябе такую.
А не з апалым лісцем на шашы.

Уся агнём палаеш ад пачуццяў,
Бо ведаеш, што ў апошні раз.
Яшчэ прыгожая ў асенняй каламуці,
Але даўно падлічаны твой час.

І я прадбачу, што цябе зняважаць
Халодны вецер з праліўным дажджом.
Па твары слёзы горкія размажа
Клін жураўліны восеньскім крылом.

Няшчаснай станеш, кінутай жанчынай
У шэрым свеце гэтай злыбяды.
Прыкрыўшы сорам мокраю галінай,
Застынеш, быццам скамянееш ты.

А я ў барве, дзёрзкую рысую
Не на паперы, а ў сваёй душы.
Хачу запомніць я цябе такую,
А не з апалым лісцем на шашы.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш Асіна ля шашы - Ірына Касянкова