Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Маміна хусцінка

Мне у сталым веку давялося
Атрымаць такую аплявуху,
Што з аўчынку неба мне здалося:
Ад прастуды так балела вуха!

I тады мне жонка павязала
Мамiну ваўняную хусцiнку.
У вачах святлець адразу стала:
Адступаўся боль, знiкаў пацiху.

I з ружовай далечы туманнай
Птушкай мiлай згадка прыляцела:
У маленстве мне казала мама,
Што дзяўчынку вельмi мець хацела.

А як мама цяжка захварэла,
Так яе старалiся сыночкi, –
Вёска ўся, здаецца, гаварыла:
– Ў Вiктарыхi хлопцы лепш чым дочкi!..

…Сонейка смяецца, як дзяўчынка.
I цяплей на сэрцы мне бывае, –
Як у небе хмарка-аблачынка
Мамiнай хусцiнкай праплывае…

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5.00 out of 5)

Верш Маміна хусцінка - Станіслаў Валодзька