Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Паслухаем і другі бок

Калі прадстаўнік зеленгаса
ацэньвае работу садоўніка
і гаворыць, як добра
пастрыжаны газоны
і як выдатна выглядаюць
абсечаныя кусты,
калі ён разам з садоўнікам
выказвае у сувязі з гэтым
глыбокае задавальненне, –
то застаецда без увагі
яшчэ адзін голас,
застаецца нявыслуханым
яшчэ адзін бок:
гэта – сама трава,
гэта – самі кусты.
Можа, варта было б пацікавіцца,
як адчуваюдь і яны сябе таксама,
ці могуць яны ў сваю чаргу
выказаць такое ж задавальненне.
Калі нам падносяць рыбную страву
і мы пачынаем яе хваліць,
пачынаем гаварыць,
якая яна, рыба, свежая,
якая яна салодкая,
як мала ў ёй касцей
і як многа, відаць, фосфару, –
калі мы, словам,
пачынаем прызнавацца
смажанай рыбе ў тым,
як яна нам падабаецца, –
то застаецца ўсё ж
не высветленым яшчэ адно пытанне:
а ці падабаемся мы рыбе?

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Паслухаем і другі бок - Анатоль Вярцінскі