Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Плач Яраслаўны

Вершаваны пераказ

Пачарнела спелае калоссе,
хмары цяжка ходзяць над зямлёй.
У Пуціўлі на сцяне галосіць
Яраслаўна досвітнай парой.

Заламаны ручанькі маланак,
я адна, гаротная, адна.
Палячу зязюляй на паляны –
з мечам меч сустрэліся сцямна.
У журбе схілюся рана-рана
над рачным туманным серабром,
на магутным целе князя раны
абатру бабровым рукавом…

У Пуціўлі плача Яраслаўна
на драўлянай гарадской сцяне:

Буйны вецер, ой, вятрыска слаўны!
Не карай, самотную, мяне.

На Каяле раніцай сівою
ты засеяў стрэламі дзірван.
Князь упаў,
сваіх склікае вояў,

А дружыну, глянь, пасе гругач.
Хіба мала для цябе прасторы?
Распагодзь нябёсны сіні плёс,
надзімай вятрылы шумна
ў моры ды змахні з павей расінкі слёз…

Яраслаўна, тужачы па ладу,
заламала рукі на сцяне:

– Ой, Дняпро Славуціч! Са спагадай,
можа, ты паслухаеш мяне.
Прабівала скалы твая слава
да шатроў паганых палаўчан.
У чаўне люляў ты Святаслава,
пахаваў кабякаўскі калчан.
Я хачу, каб, ласкай змыўшы змору,
дарагога мужа мне прынёс,
бо высока закіпае мора
ад маіх салёна-горкіх слёз…

За крылом жалобным край палынны,
над зарой чырвоная сцяна,
Яраслаўна плача безупынна,
як зязюля, на сцяне адна:

Сонца, сонейка!
Чаму так рана падняло прасветлае чало,
у бязводным стэпе, за курганам,
лукі вояў смагаю звяло?
Заклінаю, валадар адзіны:
як паганец вытапча палі –
і мяне, і князя, і дружыну лепш
на попел полымна спалі!..

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Плач Яраслаўны - Анатоль Вялюгін