Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Раніцу шчэбет пільнуе

Раніцу шчэбет пільнуе
Ў лісці жоўта-зялёным.
Туліцца жнівень над пуняй
З ношкай аўсянай саломы.

Сонца бліскучым пласконнем
Іскры ў тумане губляе.
Ветры, пужлівыя коні,
Рвуцца ў мурожныя далі.

Ў зараслях пудзяцца песні,
Рэчанька льецца, смяецца.
Вёска рыпамі весніц
Цешыць сялянскае сэрца.

Вецер расой ахрысціў
Поплавы ў сіні шырокай.
Песціцца сонца ў трысці,
Ветразь цалуючы ў шчокі.

Раніцу шчэбет пільнуе
Ў лісці жоўта-зялёным.
Туліцца жнівень над пуняй
З ношкай аўсянай саломы.

1924

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш Раніцу шчэбет пільнуе - Язэп Пушча