Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове






Верш Клён

Прыснiцца зноў Яго Высокасць
Стары ля нашай хаты клён:
То, як вiном, духмяным сокам
Мяне з дарогi поiць ён;

То на руках сваiх высока
Мяне ўздымае, што вiдзён
Вялiкi свет, што цешыць вока
Вясёлкай будучынi дзён;

То, як святы, – над iм нiмб сонца, –
Малiтву шэпча, цi заклён…

Прыснiцца мне Яго Высокасць
Стары ля нашай хаты клён.

Ён чуў як хлопчыкам зялёным
Я аб каханнi уздыхаў.
I плакаў я пад гэтым клёнам
Як безнадзейна пакахаў…

Ды акрыяўшы з Божай ласкi,
Смяяўся радасна пад iм.
На ветры клён мне ў ладкi пляскаў,
Бо рад быў поспехам маiм…

Ён, як святы, – над iм нiмб сонца –
Малiтву шэпча, цi заклён…

Прыснiцца мне Яго Высокасць –
Ужо даўно нябожчык – клён.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Клён - Станіслаў Валодзька