Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове


Верш БАЛАДА ПЯТРА БІТЭЛЯ

(6.06.1912– 18.10.1991)

На парваных мяшках з-пад цыменту
Ты зялёнкаю пішаш, і ноч
Прад табой, як жалобная стужка,
Што да Божых прыкладзена воч,
Каб не бачыць пакут чалавечых
На чужой і нябоскай зямлі,
Дзе ты ў словах, бы ў сховах у вечных,
Захаваеш зямлю, дзе жылі,
І жывуць беларусы, і волю
І не любяць, і любяць, але ж
Не заменяць яе аніколі
На чужога ўладарства бязмеж.
Сам Міцкевіч з табою гаворыць
І дыктуе, дыктуе табе
Сваіх твораў бяздоннае мора,
Каб і ты не памёр у журбе,
А вярнуўся ў Айчыну, дадому,
І праклёнаў не слаў анікому,
І ў слязіне, нібыта ў расе,
І ў расінцы, нібыта ў слязе,
Бачыў ты цэлы свет, дзе Айчына,
Як ля сцежкі вясною каліна–
Хто ні пойдзе– ламаюць усе…

11.10.2007

Верш БАЛАДА ПЯТРА БІТЭЛЯ