Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове


Верш Усе роўна будзе заўтра

Памяркоўнасць – дзюжа добра.
Талерантнасць – удвая.
Але, кажучы па праўдзе –
Праўда ў кожнага свая.

Мая праўда – як падлетак,
Што гуляе ў вайну.
Мая праўда – гэта варта,
На якой жаўнер заснуў.

Мая праўда падстаўляе
Па чарзе адную з шчок.
Маей праўдзе голас справа
Падказаў, што злева – чорт.

Мая праўда крыж зрывае
З крыкам “Божа, барані!”
Дрэва, на якім пупышкі
Адсякаюць карані.

Мая праўда з галадухі
Два кавалкі сала скрала.
Маю праўду ванітуе
Ад асартыменту страваў.

Мая праўда – гэта водар
Іржанога хлеба лусты.
Мая праўда раскідала
Зерне ў лыч свінотам тлустым.

Мая праўда б’е паклоны
Пазалочаным быкам.
І за грошы дапаможа
Небаракам-жабракам.

Мая праўда крышталева
У крыніцах звонкіх льецца.
Мая праўда – гэта бруд
У ірвах вакол фартэцый.

Мая праўда – гэта сэрца,
Што з пялесткаў зроблена.
Мая праўда – гідкія,
Склізкія вантробы.

Мая праўда – пацалунак
Трапяткіх дзявочых вуснаў.
Мая праўда – гэта джэб,
Што насы ламае з хрустам.

Мая праўда пазалоціць
Маладзенам моцна рукі.
Мая праўда кайданамі
Па падлозе грукае.

Мая праўда – гэта позірк
Немаўлятаў гадавалых.
Мая праўда асляпіла
Безліч сталых аксакалаў.

Мая праўда запяклася
На грудзех саленым згусткам.
Мая праўда – асалода
Забароненых спакусаў.

Мая праўда кулакамі
Зарабіла свой назоў.
Мая праўда – на далоні,
Што трымае за лязо.

Мая праўда – гэта багна,
Дзе ня бачна баразны.
Мая праўда есць каменьчык
З мураванае сцяны.

Мая праўда – гэта краты,
Цемра, каты і ганьба.
Мая праўда – гэта мары,
Сонца, воля, барацьба.

Мая праўда – гэта слава
Беларускіх ваяроў.
Мая праўда – гэта права
Шанаваць сваіх дзядоў.

Мая праўда – гэта спроба
Не сканаць у віры падзей.
Мая праўда – гэта прага
Гадаваць сваіх дзяцей.

Мая праўда носіць доспех.
Мая праўда мае меч.
Мае веру. Мае поспех.
Годнасць і братоў паплеч.

Праўда люстарка азераў
Жвавай хваляй ускалыхне.
Не шукай яе ў бутэльцы,
Там яна – на самым дне.

Свет палохае канчаткам.
Цемра захінае зрок.
Усе роўна будзе заўтра –
Так трымай трывалы крок.

Homo Gradiens

Верш Усе роўна будзе заўтра - Аўтар невядомы